Як у маладзечанца Мішу Жабінскага
закахаўся адзін вайсковец
Гісторыя мужчыны, які любіў апранацца ў жаночыя ўборы
У сярэдзіне 1950-х на адным з карнавалаў на Гарадзеншчыне многія заўважылі каралеву ў шыкоўным убранні. А аднаму афіцэру яна так спадабалася, што той пачаў аказваць навязлівыя знакі ўвагі. Тады прыгажуня-каралева збегла з карнавалу. Спалохалася, бо яна, а дакладней ён, быў мужчынам у жаночым убранні.

Гісторыю ўраджэнца Смаргоні і жыхара Маладзечна Міхаіла Жабінскага карэспандэнту расказала гарадзенка Марына. Яна ж і перадала фотаархіў свайго стрыечнага дзеда журналісту з Гродна Руслану Кулевічу. А той, заўважыўшы сувязь з рэгіёнам, падзяліўся з намі.
Вядома, што Міхаіл Жабінскі нарадзіўся ў 1903 годзе ў Смаргоні. Быў восьмым дзіцём у сям'і. Усяго ж дзяцей у Жабінскіх было дзесяць. Бацька працаваў настаўнікам у смаргонскай школе. Дарэчы, у дарослым жыцці многія яго дзеці таксама сталі педагогамі.

Глава сям'і памёр у сорак гадоў. У 1914 годзе, з пачаткам Першай сусветнай, маці ўжо адна выехала з дзецьмі ў Расію, у Варонеж. Каб сям'і было крыху лягчэй, самую маленькую дзяўчынку часова аддалі ў інтэрнат. У 1916 годзе сям'я вярнулася ў Беларусь, у Маладзечна. Тут Міхаіл скончыў школу.
Меў падзяку ад прэзідэнта Польшчы Ігнація Масціцкага
У 1930-ыя Міхаіл Жабінскі едзе ў Варшаву, працуе мастаком. Ці меў ён спецыяльную мастацкую адукацыю, сваякі не ведаюць. Але адпаведныя здольнасці ў Міхаіла дакладна былі.

Тут недзе ў 1937-1938 годзе наш зямляк удзельнічаў у конкурсе макетаў замкаў. За яго макет прэзідэнт Польшчы Ігнаці Масціцкі ўручыў Міхаілу падзячнае пісьмо. Мастак захоўваў дакумент, з гонарам паказваў сваякам. Але да нашага часу папера не захавалася. Не захаваўся і макет.

Затое ў архіве знайшлося фота 1940-х, дзе Міхаіл пазіруе на фоне іншага свайго макета - летняга палаца Беларусі.

.
У 1939 Жабінскі вяртаецца ў Маладзечна. Тут прабыў усю Другую сусветную. У канцы вайны разам з маці яны падабралі рускую лётчыцу. Выхаджвалі, хавалі ў сваім доме. Пасля вайны лётчыца прыязджала ў Маладзечна, дзякавала і нават напісала пра сваё выратаванне ў мясцовую газету.

Пасля вайны Міхаіл на нейкі час з'язджаў у Мінск, працаваў там мастаком. А бліжэй да пенсіі вярнуўся ў Маладзечна. Тут жыў да 1992 года, да сваёй смерці. Працаваў вартаўніком і па сумяшчальніцтву афарміцелем у адным з гарадскіх садкоў.
Па ўспамінах стрыечнай унучкі Марыны, у дзяцінстве яна вельмі чакала прыезду маладзечанскага дзядулі ў Шчучын, дзе жыла з бацькамі. Дзеці любілі Міхаіла.

Той іграў на гітары, пёк смачныя торты і печыва, умеў прыгожа аздобіць стол. Часам уласныя кулінарныя вырабы ён адпраўляў па пошце сваёй сястры ў Шчучын.

Таксама наш герой складаў кароткія жартоўныя вершы, вышываў, умеў трапна пажартаваць, добра ляпіў з пластыліну. З дзяцінства Марына запомніла макет тройкі коняў, злепленых з пластыліну на каркасе з дроту.

– Гэта быў вельмі таленавіты чалавек. Яму шмат было дадзена, – перакананая суразмоўца.
А яшчэ Міхаіл шыў унукам карнавальныя касцюмы. І не толькі ўнукам. З маладых гадоў мужчына меў незвычайнае захапленне: шыў сабе жаночыя ўборы і фатаграфаваўся ў іх. Прычым у звычайным жыцці ён апранаўся, як усе мужчыны. Эксклюзіўныя жаночыя ўборы былі выключна для карнавалаў і фотаздымкаў.

Менавіта на адным з такіх карнавалаў Міхаіл і зачараваў афіцэра. Той прыняў Жабінскага за жанчыну, пачаў аказваць знакі ўвагі. У выніку Міхаіл мусіў збегчы з карнавалу ў лёгкай сукенцы і туфлях. Пабаяўся рэакцыі вайскоўца, калі б той рассакрэціў яго.
У сталым узросце Міхаіл Жабінскі жаніўся. І шлюбную сукенку для сваёй нявесты шыў самастойна. Але з жонкай не склалася. Дажываў Міхаіл пад наглядам апекуна.

І цяпер невядома, дзе падзеліся яго творы з пластыліну, вялікі жаночы гардэроб і падзяка ад самога Ігнація Масціцкага.

Культуролаг Таццяна Бакіна:
- Я магу выказаць здагадку, што гэты чалавек меў нейкае дачыненне да тэатра. Магчыма, працаваў мастаком па касцюмах ці меў доступ да касцюмернай тэатра. Яго ўборы -дакладна не аматарская праца. Сукенкі выкананы па-майстэрску: мноства дэталяў, прыгожая вышыўка.
Тэкст: Аксана Ярашонак
Фота: з архіва сям'і Жабінскіх
Made on
Tilda